|
Гэткім шчырым каханнем яе атуліў, З гэткай ласкай глядзеў ў яе сумныя вочы, — Як і сонца не туліць расквечаных ніў, Як і зоры людзям не ўглядаюцца ўночы!
Так пясціў, так галубіў галубку, яе, Так цяпліў сваім сэрцам сірочым ёй грудзі, — Як і маці не песціць дзіцё — як спаўе, Як і вогнішча ззябнутых грэці не будзе!
Столькі песняў над песнямі ёй я напеў, Столькі думак злажыў аб ёй важных, таемных, — Як і бор гэтак з ветрам шумець не шумеў, Як і век гэткіх дум не злажыў для патомных!
Гэткі ў сэрцы сваім збудаваў ёй пасад І такую ўзлажыў ёй з кахання карону, — Як і неба з зямлёю, на божы загад, Не прыдбаюць такіх ні кароны, ні трону!
Так уславіў яе ў славу сонца і зор, Так маліўся дзень-ноч к ёй мальбою нябёсаў, — Як і мудрасць не ўславіць ўсясвету прастор, Як і каня не моліцца ўлетку да росаў!
Утварыў з яе шчасце з-над шчасцяў сваё — Чарадзейную княжну з аповесці дзіўнай, І пад ногі ёй кінуў жыццё сваё ўсё...
. . . . . .
А яна?.. А яна была толькі... Дзяўчына!..
|